Вілія-Neris 2007

  • Home
  • Вілія-Neris 2007

Вілія-Neris 2007 Contact information, map and directions, contact form, opening hours, services, ratings, photos, videos and announcements from Вілія-Neris 2007, Tour guide, .

УСЁ ЯШЧЭ ВЯЛЛЯ...1 ліпеня Прачнуліся ў лужынах пасярод намёту – цэлую ноч ліў дождж. З раніцы віншавалі з днём народзіна...
01/07/2022

УСЁ ЯШЧЭ ВЯЛЛЯ...
1 ліпеня


Прачнуліся ў лужынах пасярод намёту – цэлую ноч ліў дождж. З раніцы віншавалі з днём народзінаў нашага Віталя Кастэнку.
На супрацьлеглым ад Янава беразе спыняемся ў вёсцы Ліпнякі, каб наведаць стары касцёл 17 стагоддзя (дабудаваны ў 19-м). Дзед у Ліпняках падчас размовы з навукоўцамі перайшоў з літоўскай мовы на беларускую трасянку і распавёў, што за дзядамі раку называлі Вяллёй, а толькі з нядаўняга часу пачалі зваць Нярысам (гэта пры тым, што да зліцця з Нёманам засталося некалькі дзясяткаў кіламетраў).
Пасля пераходзім на левы бераг (да самога Янава). Паход у мястэчка абмяжоўваецца аглядам крамы з харчамі.
Апошні супольны вечар праводзім на тэрыторыі вайсковай часткі – у “закрытым” лагеры.
1.07.2007
Аляксей Лужынскі

ПРАЗ РАКУ ЛІТОЎКУ30 чэрвеня Да наступнага лагера немалы шлях – дваццаць пяць кіламетраў. Час цягнецца, як гума. На левым...
30/06/2022

ПРАЗ РАКУ ЛІТОЎКУ
30 чэрвеня


Да наступнага лагера немалы шлях – дваццаць пяць кіламетраў. Час цягнецца, як гума. На левым беразе перад намі адчыніліся дзверы гегужынскага касцёла.

Пераменна ліе дождж і свеціць сонейка. Нібыта ў той казцы, чакаем, пакуль развіднеецца, пад мостам.

На абед спыняемся ля рачулкі Літоўка. Некаторыя звязваюць паходжанне назвы ўсяе Літвы з гэтым ручайком. І літоўцы, і беларусы гэтую інфармацыю ўспрынялі з усмешкай. Падчас абеду да нас падышлі мясцовыя каровы і ўпарта спрабавалі з намі закантачыць. Вясёлая “карыда” атрымалася.

Лагер пазначаны нібыта “каля Янава”, але да самога Янава чатыры кіламетры. Недалёка ад стаянкі – парк экстрымальнага адпачынку, куды нас і адводзяць на “экскурсію”. За некаторую плату той сёй з удзельнікаў кінуўся праходзіць тамтэйшыя трасы.

30.06.2007
Аляксей Лужынскі

29/06/2022
...І ВЫСПАЧКА БЕЛАРУСКІХ ВЁСАК29 чэрвеня Гэтым разам я й Эля пераселі на літоўскі кат з Перуном. Там якраз вызваліліся м...
29/06/2022

...І ВЫСПАЧКА БЕЛАРУСКІХ ВЁСАК
29 чэрвеня


Гэтым разам я й Эля пераселі на літоўскі кат з Перуном. Там якраз вызваліліся месцы, да таго ж часова каманду пакінулі Віціс (літоўскі кіраўнік) і Вітаўтас (літоўскі рэжысёр). Таму мы плылі, так бы мовіць, спрошчаным складам. Свой адзіны дзень на вадзе правёў сёння й Кяйстуціс, які прайшоў усю экспедыцыю ўздоўж берага на аўто. Такім чынам, мы ў гэты дзень развілі нябачаную дагэтуль хуткасць, і адлегласць у дзесяць кіламетраў скарылася перад намі літаральна за гадзіну.

Дзесьці на сярэдзіне шляху спыніліся ў вёсцы Зубішкі. Тут у колішнім шляхецкім маёнтку некалі прыпыняўся гасцяваць і сам граф Тышкевіч. Невялікую экскурсію для нас правёў спадар Антанас. Са старых забудоў да нас з таго часу захаваўся адно свіран, аб старажытнасці якога сведчыў подпіс на ўмураваным камені.

Тая акалічнасць, што ў гэты дзень два флагманскіх катамараны нечакана ўступілі ў спаборніцтва на хуткасць, дала нам шмат вольнага часу (да наступнай стаянкі мы дабраліся вельмі хутка).
Лагер быў разбіты на аграсядзібе. Па прыбыцці большасці ўдзельнікаў для нас зладзілі прэзэнтацыю краю прадстаўнікі мясцовай улады разам з краязнаўцамі.

Плыт навукоўцаў па традыцыі прыйшоў самым апошнім і прывез цікавыя навіны. Па шляху патрапілася выспачка беларускіх вёсак. У вёсцы Русіны навукоўцы сустрэлі дзеда, які апошнія адзінаццаць год па-роднаму размаўляў тольуі са сваім сабакам.

На захадзе сонца спадар Лютаўрас з дапамогай гаспадара сядзібы ўсталяваў дзявяты камень з рунамі экспедыцыі.

Апроч усяго, на сядзібе аказалася абсталявана траса для стральбы з лукаў. Тут нават праводзяцца розныя чэмпіянаты Літвы. Дзякуючы гэтаму, а таксама нашаму спадарожніку Лютаўрасу, усе ахвочыя займелі магчымасць пастраляць з лукаў ці арбалета.

29.06.2007
Аляксей Лужынскі

У ЕДНАСЦІ З ПРОДКАМІ І МІЖ САБОЙ25 чэрвеня  У рацэ тры валуны – Тры браты, на правым беразе – трохузроўневая гара, як на...
25/06/2022

У ЕДНАСЦІ З ПРОДКАМІ І МІЖ САБОЙ
25 чэрвеня


У рацэ тры валуны – Тры браты, на правым беразе – трохузроўневая гара, як нам сказалі, гара Швінтарога. Няпроста ўскараскацца на яе, але краявід варты таго. Ён нібы з лішкам кампенсуе затрачаную на пад’ём энэргію.

Па дарозе да сутокаў Вяллі з Дукштанкай мінаеш шмат цікавага: Святы камень, кангламератныя ўтварэнні, курганы.
У Кармазінах, што побач, - зноў цёплы прыём з песнямі часоў Тышкевіча і пачосткамі. Гэты вечар – вечар памяці Ідэ Станавічутэ, былой дырэктаркі парку, якая роўна год таму ўтапілася ў хвалях глыбока шанаванага ёю Нярыса. Лютаўрас Балсус праводзіць прыгожы памінальны абрад разам з тымі, хто ведаў яе і любіў. Адна ўрачыстасць перацякае ў другую: спакой, ціхамірнасць, пажаданні святла, любові, узаемаразумення, еднасці з продкамі і між сабой…

Вячыстыя дубы, дагледжаныя старажытныя курганы сузор’ямі аганькоў шлюць свае вітанні начному небу…

25.06.2007

ВЯРКІ. ПА СЦЕЖКАХ ЛІЗДЗЕЙКІ 21 чэрвеня  Вяркі. Прыгарад Вільні, дзе, па легендзе вялікі князь Віцень знайшоў у арліным г...
21/06/2022

ВЯРКІ. ПА СЦЕЖКАХ ЛІЗДЗЕЙКІ


21 чэрвеня
Вяркі. Прыгарад Вільні, дзе, па легендзе вялікі князь Віцень знайшоў у арліным гняздзе немаўля Ліздзейку, што на вякі, аж да сённяшняга дня, стаў адной з ключавых фігур у духоўным жыцці Літвы. Па ёй, сучаснай, уздоўж Вяллі стаяць алтары Ліздзейкі, палаюць знічы, праводзяцца абрады.
Лютаўрас Балсус, адзін з вайдзілаў Літвы, што праз усю экспедыцыю вязе святы агонь, заўважае: “Вера павінна быць жывой. Сутнасць нас, друвісаў, у тым, каб несці святло. Традыцыя – вельмі важны аспект веры, але Бог заўсёды найвышэй…” Так, сучасная Літва паўстае перада мной спрэс язычніцкай. І ты ў пэўны момант разумееш, што ў гэтым мабыць і ёсць яе гісторыя і прышласць, яе асноўнае багацце, якое не патрабуе летапісных фактаў – вось яно, усё на вачах.
У звязку з гэтым – трохі лірычнага адступлення. Мне часта даводзіцца чуць спрэчкі пра тое, хто насамрэч ствараў ВКЛ: літоўцы ці беларусы. І бачу, што ўдзел літоўцаў у гісторыі не на роўні дыскусій і тэкстаў, а на роўні канкрэтных рэчаў. Пакуль наш людзі будуць называць сваіх дзяцей не Міндоўгамі, Вітаўтамі, Альгердамі, іх прэтэнзіі на гісторыю ВКЛ застануцца падвешанымі ў паветры.
…На гары ля палаца нас, экспедыцыю, сустракае музыка, спевы, словы прывітання ад прадстаўнікоў літоўскага Дэпартамента турызму. Спадарыня Ніёле, дырэктар нацыянальнага парка, праводзіць нас сцежкамі Ліздзейкі. З Вяркаў адкрываецца прыгожы далягляд на дзясяткі кіламетраў. Гукі дуды Змітра Сідаровіча ляцяць над Вяллёй, якая недзе пад Кернавам, яшчэ ў колькіх днях шляху, ператворыцца ў Нярыс.
21.06.2007
Эла Кулеш

Найвышэйшая гара, каменны грот, цывілізацыя...20 чэрвеня Без спешкі, што бывае рэдка, мы сустрэлі раніцу ля гістарычнага...
20/06/2022

Найвышэйшая гара, каменны грот, цывілізацыя...

20 чэрвеня


Без спешкі, што бывае рэдка, мы сустрэлі раніцу ля гістарычнага перакату Баран.

Навесы, вогнішчы, мангалы, столікі, умывальнікі, прыбіральні. Аматары прыгод сказалі з сумным жартам: “Усё, жыццё нармальнае скончылася – пачалася цывілізацыя і мерапрыемствы”.

Спальнікі ўсё яшчэ пахлі шпікачкамі, бо сушыліся ля мангалу. Большасцт вопраткі была вільготнай, і тое-сёе ўжо падсушвалася на сабе.

Па праграме – самае высокае гарадзішча ў Літве. Па шляху сустракаецца паласа “ведзьміных структур” – ненатуральна закручаных елак. Натоўп ледзь змесціўся на маленькай пляцоўцы, на якім калісь гарэла святое вогнішча. І свяцілішча адорвае нас яднаннем.

Сп.Вікінтас вельмі выразна распавёў, штот такое курганы, як яны з’яўляліся, якіх тыпаў былі. Часцей адзін курган – гэта пахаванне адной сям’і. У равах продкі палілі вогнішчы. Ёсць думка, што яны адлюстроўвалі сваім размяшчэннем паселішчы, у якіх хаваліся.

Каменны грот са святой вадой, на якім калісьці стаяў крыж, вядомы нам, дзякуючы графу Тышкевічу. Той не толькі даў ілюстрацыю, але і запісаў легенды пра тое месца, якія дайшлі да нашых дзён.

Вечар. Стаянка ў немянчынскім лясніцтве, недалёка ад мястэчка. Выпраўляемся тое-сёе закупіць. Уражвае, што ў Немянчыне з яго шасцю тысячамі насельніцтва маркеты стаяць гэткія, пра якія 30-тысячная Вялейка і не марыць.

Культурная праграма запомніцца, напэўна, надоўга. Экскурсія, канцэрт, танцы, падарункі. Здаецца, гэткія добрыя прыёмы чакаюць нас яшчэ не аднойчы.

Да глыбокай начы праседзелі ля вогнішча Лютаўраса Балсуса, які вязе агонь у экспедыцыі.

20.06.2007

Аляксей Лужынскі

здымкі з архіву экспедыцыі Людмілы Дрык

АДПАЧЫНАК І ПЕРШЫЯ КІЛАМЕТРЫ ПА ВАДЗЕ18-19 чэрвеня У Буйвіджах(Буйвідзях) мы застаемся на днёўку да 19-га. У Буйвіджах н...
19/06/2022

АДПАЧЫНАК І ПЕРШЫЯ КІЛАМЕТРЫ ПА ВАДЗЕ
18-19 чэрвеня

У Буйвіджах(Буйвідзях) мы застаемся на днёўку да 19-га. У Буйвіджах наведваем касцёл, які апісваў граф Тышкевіч. Едзем у суседнюю вёску Балінгрудак. Там нас чакае канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел і беларусы – Тацяна Матафонава і Зміцер Сідаровіч. На могілках у Балінгрудку я заўважыў цікавую акалічнасць – там стаяў калодзеж.
Кожны вечар ладзяцца скокі і спевы. Дзякуючы сп.Зміцеру і ягонай дудзе, развучваюцца народныя гульні і танцы.
19 чэрвеня плывем да аграсядзібы “У Міхала”, дзе нас гасцінна прымае гаспадар. Многія з нашых патрапілі ў той вечар пад навальніцу, таму адкрытыя вогнішчы пад навечамі былі вельмі да месца.
19.06.2007
Аляксей Лужынскі

фота з архіву сп.Акудовіча

ПРАЗ КРАЙ НАВАЛЬНІЦ 16 чэрвеня  Адплылі з Міхалішак. На шляху – два гарадзішчы. Першае – даўгое, метраў 350 па працяглас...
16/06/2022

ПРАЗ КРАЙ НАВАЛЬНІЦ

16 чэрвеня

Адплылі з Міхалішак. На шляху – два гарадзішчы. Першае – даўгое, метраў 350 па працягласці. Другое гарадзішча, аддаленае ад Вяллі ў глыб гушчару, нам не адкрылася. Паблукаўшы ўздоўж лясной ручаіны, мы развярнуліся да байдаў. Пакрысе прыходзіць адчуванне Вяллі як аднаго вялікага храму.
Двойчы патрапляем пад навальніцу. Урэшце рэшт змораныя і змоклыя дабіраемся да Быстрыцы. Цікава, граф Тышкевіч пісаў, што ў Быстрыцы яго таксама нагнала навальніца.
Там перад удзельнікамі экспедыцыі выступіў мясцовы фальклёрны ансамбль.
Пасля за намі прыехаў аўтобус, што мусіў завезці нас на гару Замкоўку, якую ўпершыню апісаў Канстанцін Тышкевіч.
Ад таго месца, дакуль давёз нас аўтобус, ісці давялося яшчэ некалькі кіламетраў. І тады на нас, змораных, змерзлых, найшла трэцяя за гэты дзень навальніца. Хмары, нібыта спрадвечныя ахоўнікі, накінуліся на нас, папярэджваючы: “Асцярожна, чалавеча, ты тут толькі госць”. Гара не адкрывалася адразу. З боку – проста высокі пагорак, парослы хвоямі. Але калі пачынаеш падымацца… Сцяжынка ідзе па спіралі – іначай ніяк не падняцца, схіл – стромы. І пакрысе, паволі адкрываецца веліч свяцілішча. Становіцца бачна, што ідзеш па брыжы вялікай нахіленай чары. На высачэзнай вышыні. А з самай высокай кропкі адкрываецца далягляд.
І разумееш, навошта выдаткаваў тыя апошнія сілы – каб дабрацца сюды.

16.06.2007
Аляксей Лужынскі

 *Першыя дні на вадзе*Эла Кулеш4 чэрвеня4 чэрвеня сустрэла нас цёплым ружовым ранкам у маляўнічым сасонніку на краі Сака...
04/06/2022


*Першыя дні на вадзе*
Эла Кулеш

4 чэрвеня

4 чэрвеня сустрэла нас цёплым ружовым ранкам у маляўнічым сасонніку на краі Сакавічаў. Мы адразу зразумелі – будзе спякотна. Нам трэба было прайсці 12 км. Але гэты, апошні пешы, дзень адрозніваўся тым, што ламацца праз балоты і гушчары было не прадугледжана. Пад нагамі – толькі звычайная шаша. Адразу ж спыніліся агледзець дзоты і задыскутавалі на тэму “Ці можа быць прыгажосць у тым, што нясе смерць?”.
Прайшоўшы па сонечных дарогах, затрымаліся адпачыць у школе вёскі Пагост. Там вельмі цёпла прынялі нас і распавялі шмат цікавага пра гэтыя мясціны. Пра раку, з якой да каналізацыі можна было кашуляй лавіць рыбу. Пра прыход саветаў у 39-м, калі жыхары вёскі пайшлі пад раку(па ёй праходзіла мяжа паміж дзвюма Беларусямі), каб абараняць сваё паселішча ад бальшавікоў; тыя ж пайшлі ў абход і пазабівалі ўсіх польскіх афіцэраў…
Сонца прыспешвала, мы памахалі сваім гасцінным сябрам на развітанне, запрасіўшы на заўтра на ўрачыстасць да Камена, і зноў рушылі па дарозе.
Зайшла гаворка пра гісторыю і гістарычныя помнікі. Рэжысёр Вітаўтас Дамашавічус распавёў, што ў Вільні зараз ідзе змаганне супраць забудовы сквера ўласнікамі. Мы згадалі пра крытычнае становішча ў Гародні. З намі аказаўся хлопчык Саша, які толькі пяць год таму пераехаў з Гародні ў Вялейку. Ён быў моцна ўражаны тым, што пачуў, і расперажываўся за свій любімы горад. Гэта падштурхнула яго на цікавы расповед пра гады маленства там, пра гарадзенскую пажарку, пра брукаванку, пра кварталы блізу сінагогі…
Сонца прыпякала. І вось перад намі ўратавальны цянёк кароткага прыстанку, згаданага ў кнізе графа Тышкевіча – татарскія могілкі. Гэта дзіўныя курганы рознай вышыні. Паўсюль – каменныя пліты з надпісамі арабскай вяззю, дзе-нідзе – рускай мовай. Апошнія пахаванні тут адбываліся 15 гадоў таму. Як мяркуецца, могілкі ўзніклі на дахрысціянскіх курганах. Існуе легенда, згодна Тышкевічу, што тут пахаваны татарскі князь, паланёны Вітаўтам.
…На самым беразе ля могілак з’явіўся цікаўны звярок і лётаў туды-сюды, не асабліва баючыся людзей.
Амаль не спыняючыся, дайшлі да Камена. Там ужо былі і літоўцы, і беларусы. Людна. Узяла першае інэрв’ю ў нашага рэжысёра спадара Вітаўтаса.
Ніколі не трымаўшы ў руках вясла, я нарэшце села ў байдарку. Зразумела, спачатку для трэніроўкі. Выправа – заўтра. Нешта атрымалася. Мой напарнік па байдарцы Саша з Гародні ўжо не раз хадзіў па вадзе, у тым ліку спускаўся і па Вяллі.
Увечары паразмаўляла з Вікінтасам Вайткявічусам, прафесарам Клайпедскага ўніверсітэта, якога ўжо ведала па ранейшай канферэнцыі, паказала яму здымак камяня, што мы знайшлі ля вытокаў Вяллі ў самы першы дзень. Ён у сваю чаргу выказаў абурэнне наконт таго, што падчас падрыхтоўкі да экспедыцыі быў пашкоджаны культурны слой паселішча 10ст. Яшчэ – хацелі замацаваць помную дошку на камень, які зусім выпадкова, прывезены з недалёкай крушні, аказаўся культавым: тры ямкі з адваротнага боку. Але навукоўцы запярэчылі і дошку прымацавалі ў падножжы гэтага камяня. Камень і сапраўды няпросты, як адчула адразу, калі да яго падышла, яшчэ не здагадваючыся, што ён культавы. Завітвайце ў Камена, дзівіцеся.

 3 чэрвеняЗвярынымі сцежкамі ідзем да водападзелу Балтыйскага(Белага) і Понцкага(Чорнага) мораў. Стаім на вясковай дароз...
03/06/2022


3 чэрвеня

Звярынымі сцежкамі ідзем да водападзелу Балтыйскага(Белага) і Понцкага(Чорнага) мораў. Стаім на вясковай дарозе – гэта і ёсць мяжа. Спадар Кастэнка пытае ў мясцовых жыхароў, якія на калёсах едуць па дарозе, што ў тым баку, а што – у тым. “Глухамань. І ў тым таксама глухамань…”, а цэнтр цывілізацыі – вось ён тут.
Ад водападзелу крочым у вёску Вардамічы (што за ладная назва!). Аказваецца, што тут колькі дзён таму скралі абразы. На даху царквы дзіўны крыж. Уяўляе сабой 28-канцовую свастыку, з промнямі-змеямі. Пры ўваходзе на тэрыторыю ляжыць вялікі валун.
Вяртаючыся да лагеру, заўважаем, што вакол Ходзькаўшчыны вельмі шмат вялікіх валуноў.
Рушым далей. Вялікі прывал у вёсцы Мільча. Мясцовы краязнавец спадар Цыгалка распавядае безліч гісторый, кожная з якіх вартая асобнай публікацыі.
Паміж Мільчай і Папоўцамі прыпыняемся ля каплічкі. У каплічцы – крыж, прыбраны пад жанчыну і, відаць, зусім свежыя аброкі: хусткі, насовачкі, цукеркі, грошы (10-рублёвікаў не было – тысяча, пяцёрка).
На стаянцы ў вёсцы Саковічы першая частка майго ўдзелу ў экспедыцыі сканчаецца…

І яшчэ

Вох, як шкада, што немагчыма словамі перадаць усе пачуцці і адчуванні. Пахі вогнішча, красак і раллі. Спевы птушак, ракі і ўзрунелага поля.
На прывалах эколаг Алег Гайдукевіч чытаў артыкулы з энцыклапедыі “Беларуская міфалогія”. Вось мы ля поля, - а вы ведаеце, чым для нашых продкаў з’яўлялася поле, вогнішча, возера?..
Я б хацеў, каб вы хоць на кроплю адчулі атмасферу…
Але…

Аляксей Лужынскі

 2 чэрвеняРасповед працягвае Аляксей Лужынскі:З раніцы рушым. Вёска Вялікае Поле пакідае ўражанне архаікі. Стары абракал...
02/06/2022


2 чэрвеня

Расповед працягвае Аляксей Лужынскі:

З раніцы рушым.
Вёска Вялікае Поле пакідае ўражанне архаікі. Стары абракальны крыж, ёмістыя ліштвы, асвер...
Па "санітарных" прычынах да Кромавіч ідзем дзвюма групамі - правабярэжнаю і левабярэжнаю.
Тлумачэнне назову вёскі Гарадзішча ніхто і не пытаецца, стоячы пад клёнам, што высіцца над немалым курганам. Леташнія чорныя капальнікі нат шурфы за сабой не пазасыпалі.
Вёска Вілейка за часамі Тышкевіча налічвала сем дзясяткаў хат. Зараз - амаль удвая меней. У вёсцы ёсць разваліны вылога касцёлу, былой царквы, былога складу зярна, былога складу купарвасу. Гэта ўсё разваліны аднаго будынку...
У вёсцы Хацень нас спыняе бабулька, якая са слязьмі на вачах распавядае, што ў вёсцы, крамя яе, шчэ пару старых, што яны анікому непатрэбныя, што баіцца спаць па начах, што сваякі ўсе ў горадзе, што неаднойчы думала аб самагубстве, што хоць бы пару чалавек вось на гэтую вуліцу пасяліць. Што галасавала, зразумела, за Лукашэнку, за каго ж яшчэ?...(А за каго галасавалі? - мы неаднойчы задавалі гэта пытанне. - Э.К.)
За Хаценню адхіляемся ад Вяллі і крочым уздоўж яе прытоку - Валочкі. Ідзем па шляху з варагаў у грэкі (Валочка - волак?). Шляху ўвесь час замінаюць непазначаныя на мапе каналы. Вялля і Валочка ў гэтай мясцовасці выглядаюць пачварна. Жахлівае вызначэнне: "каналізацыя ракі". Урэшце даходзім да месца стаянкі - урочышча Ходзькаўшчына (адсюль ідзе знакаміты род Ходзькаў). Становімся на беразе возера. На вячэру - юшка ад Міхалыча (Міхаіла Міхайлавіча Міхалевіча - Э.К.).

  ДаведкаНавуковая экспедыцыя, арганізаваная Канстанцінам Тышкевічам, пачалася 5 чэрвеня 1857года. Каля вёскі Камена Вял...
01/06/2022


Даведка
Навуковая экспедыцыя, арганізаваная Канстанцінам Тышкевічам, пачалася 5 чэрвеня 1857года. Каля вёскі Камена Вялейскага раёна на ваду было спушчаны пяць суднаў. Судны былі разлічаны на глыбокую ваду і на абмялелай Вяллі не ўсюды маглі бесперашкодна прайсці. Таму частку іх змянілі на пласкадонныя лайбы.
Экспедыцыя доўжылася чатыры месяцы ад вёскі Камена да ўпадзення Вяллі(Віліі, Нярыса) ў Нёман на тэрыторыі Літвы. На працягу таго часу рабіліся тапаграфічныя здымкі парогаў, запісваліся легенды, паданні, народныя песні. Праводзіліся археалагічныя раскопкі. Апісваліся помнікі старажытнай архітэктуры, цэрквы, касцёлы. Вёўся падрабязны дзённік экспедыцыі. Было зроблена шмат малюнкаў. Па выніку экспедыцыі Канстанцін Тышкевіч у 1858 годзе закончыў працу над грунтоўнай манаграфіяй "Вілія і яе берагі". Свет пабачыла, праўда, асобным выданнем манаграфія толькі ў 1871 годзе пасля смерці графа, у Дрэздэне.

У 2007 годзе мы, беларусы і літоўцы, паўтарылі яе шлях.

01/06/2022



*Ад самых вытокаў шляхам графа Тышкевіча*

1 чэрвеня
Лагойск

Перад пачаткам экспедыцыі мы наведалі малую радзіму Тышкевічаў - Лагойшчыну. Нас ветліва прыняў Лагойскі райвыканкам (неаднойчы мы 'шчэ ўспаміналі абед у рэстарацыі). За даўгім расповедам пра гаспадарку раёна(з якога запомнілася, што 52% тэрыторыі - лес), мы наведалі магілу Канстанціна Тышкевіча. Пахаванне месціцца на тэрыторыі касцёла. Таксама пабывалі і ля гаючай крыніцы, над якой стаіць Мікалаеўская царква. Святары блаславілі экспедыцыю.
У старым тышкевіцкім парку натрапілі на руіны колішняга графскага палацу. У музеі адбылося паседжанне, на якім між іншых выступілі менскі гісторык Георгій Штыхаў, а таксама нашчадак роду Тышкевічаў па ўкраінскай лініі(таксама з Менску).
Гасцяванне ў Лагойску відавочна зацягнулася і мы ад'ехалі на маршрут.

Пачатак
..ідзём хутчэй па інтуіцыі, чымся па памяці. Мапы не патрэбныя, тым больш, што таго, куды мы кіруем, на іх няма. Вядун вядзе..... Акуліна, Акуліна, Акуліна... так, мы на верным шляху - Акуліна тое зацвярджае. Акуліна - стогадовая хвоя, якую ніхто так і не адважыўся спілаваць. Хвоя незвычайная.....не спяшай, хлопец, - кажа таму, хто імкнецца наперад - і ён збочвае ў хмызняк...
Сьцёп-камень агаломшвае... Так, яго таксама завуць краўцом... Не, крыж - гэта далёка не толькі хрысціянскі сымбаль.....і кожны пакідае свой аброк....."яму падабаецца"...
Шлях распачаты.

Прыстанішча

Становімся як найбліжэй да вытоку. Паставіўшы намёт, іду агледзецца: што гэта за пагорак, пад якім мы сталі...Камяні, шмат камянёў.
Ачышчаю ад моху адзін, другі... Пальцы адзначаюць цікавы рэльеф... камень з ямкамі... добры падарунак. Уздымаюся вышэй - валуноў не менее... За прошчай заўважаю агароджу... магіла правалілася.....ужо ўтрох рушым шукаць выток... Мясцовасць вытоку абыходзім вакол, але канкрэтнага месца не знаходзім - забалочана...
Па начы адкрываем усім, што мы на могілках і паводзіць сябе тут трэба адпаведна... Дорым першае адкрыццё экспедыцыі, камень з ямкамі...

Аляксей Лужынскі

Address


Website

Alerts

Be the first to know and let us send you an email when Вілія-Neris 2007 posts news and promotions. Your email address will not be used for any other purpose, and you can unsubscribe at any time.

Shortcuts

  • Address
  • Alerts
  • Claim ownership or report listing
  • Want your business to be the top-listed Travel Agency?

Share